?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

25.09.07 Алесь Анціпенка

Ўнутры кіроўнай эліты будзе ўзмацняцца актыўнасьць і барацьба на карысьць намэнклятурнай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці.

Няма сумневу, што беларуска-расейская крыза зрушыла палітычную сітуацыю ў краіне з мёртвай кропкі. Ды прысьпешыла практычна канчатковае зьнікненьне з афіцыйнага дыскурсу раней прагалошанай мэты, – стварэньне адзінай саюзнай дзяржавы, якая паводле свайго функцыянальнага прызначэньня чымсьці нагадвала пабудову камунізма ў СССР. І хаця пранезалежніцкая рыторыка часткова кампенсавала страту гэтай стратэгічнай мэты, выбар геапалітычных арыентацый для сучаснага палітычнага рэжыму, гэтак жа сама, як і для значнай колькасьці беларускага насельніцтва, застаецца адкрытым і надзвычай няпростым пытаньнем.

Што да ўнутрыпалітычнай сітуацыі, дык ідэалягема саюзнай дзяржавы ўсё ж (і ўжо) адыграла сваю пазітызўную ролю; бо адназначна дазваляла кантраляваць траўматычны сіндром пост-савецкай сьвядомасьці часткі беларусаў, для якіх развал СССР быў асабістай драмай. Гэткім чынам, выглядае на тое, што канец так званай беларуска-расейскай інтэграцыі азначае ў пэўным сэнсе і канец ці разбурэньне пост-савецкай беларускай ментальнасьці ды адпаведнага ёй ідэалягічнага інструмэнтару, які цягам больш як за 10 гадоў выкарыстоўваўся ўладамі ў якасьці рэальнага фактару ўплыву на электарат.

Другой асновапалеглай структурай, якая ў выніку зьмены фармату беларуска-расейскіх стасункаў мае стацца аб’ектам эрозіі, зьяўляюцца сацыяльныя кантракты сёньняшняй улады з такімі групоўкамі як наёмныя працаўнікі, пенсыянеры, наменклятура (вертыкаль) і пост-савецкая беларуская інтэлігенцыя. Нагадаю, што асноўнымі агульнымі пунктамі дзейсных дагэтуль афіцыйных кантрактаў зьяўляюцца: а) рост дабрабыту, б) прызнаньне эфектыўнасці эканамічнай мадэлі і сістэмы ўлады, што забяспечваюць в) стабільнасць у грамадстве ды гарантуюць г) бяспеку грамадзянам.

Варта адзначыць, што трываласьць любога сацыяльнага кантракту базуецца перадусім на тым ці спраўджвае ўлада і, калі так, то ў якой ступені, – чаканьні большасьці чальцоў тых ці іншых сацыяльных групаў, зь якімі яна мае кантракты. А таму выглядае цалкам натуральна, што да апошняга часу ў абмен на тое, што ўлада даволі пасьпяхова выконвала галоўны пункт кантракту (рост дабрабыту) маўклівая большасьць беларускага грамадства прызнавала эфектыўнасьць улады ды створанай ёй эканамічнай мадэлі, што і складала аснову палітычнай стабільнасьці ў краіне.

Справядлівай будзе, аднак, і адваротная сітуацыя, калі апазіцыя адно найменей мае разлічваць на посьпех у тых грамадствах і сярод тых кантрактараў, дзе назіраецца рост заработнай платы і пакупальніцкай здольнасьці, а спажываньне матэрыяльных дабротаў зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю. А таму з названай прычыны ўплыў беларускай апазіцыі сярод асноўных кантрактараў сёньняшняга рэжыму быў неістотны, а спробы пашырыць сваю электаральную базу – марныя. Нагадаю, што 1996 год быў той кропкай, калі сканструяваная эканамічная мадэль («танныя расейскія рэсурсы ў абмен на пацалункі») істотна зьмяліла сітуацыю, якая на тле ранейшага дэфіцыту, талённай сістэмы ды чэргаў успрымалася як сапраўдны «эканамічны цуд».

Падвышэньне коштаў на энерганосьбіты, відавочна, мае выявіць умоўную эфектыўнасьць цудатворнай мадэлі ды адбіцца на галоўным пункце афіцыйнага сацыяльнага кантракта, – росце дабрабыту. Небясьпека тэндэнцыі палягае аднак ня столькі ў пагаршэньні эканамічнага самапачуваньня ў некаторых кантрактных групоўках, колькі ў падзеньні рэйтынгу А. Лукашэнкі. Бо, як паказваюць сацыялягічныя дасьледваніні, існуюць даволі жорсткія карэляцыі паміж ростам/падзеньнем/стагнацыяй заработнай платы і рэйтынгам электаральнай падтрымкі дзеючага прэзыдэнта. Жорсткасьць гэтай карэляцыі можна вытлумачыць як агульнай сацыяльна-папулісцкай скіраванасьцю палітыкі А. Лукашэнкі, так і «завязваньнем» ягонага асабістага палітычнага іміджу на росьце рэальнага спажываньня і заработнай платы. Дарэчы, гэты фэномен чымсьці нагадвае эсэсэраўскую сітуацыю, калі ўсе свае зьдзяйсьненьні і посьпехі савецкія людзі «зьвязвалі з ленінскім Цэнтральным Камітэтам і асабіста Леанідам Ільлічом Брэжневым».

І ўсё ж было б памылкай лічыць, што новая палітычнай сітуацыя ёсьць вынікам толькі зьмены мадэлі беларуска-расейскіх стасункаў ды росту коштаў на энеграносьбіты. Як я ўжо адзначаў вышэй, яна таксама ёсьць вынікам нявызначанасьці новых геапалітычыных арыентацый, пагрозы размываньня дзейсных сацыяльных кантрактаў, некаторых зьменаў у афіцыйнай кіруючай эліце ды пэўнага ўскладненьня (у перспектыве, – перафарматаваньня) каштоўнаснай структуры беларускага грамадства.

Лішне казаць, што кіроўная эліта першай адчувае пагрозы як свайму карпаратыўнаму існаваньню, так і свайму асабістаму дабрабыту. І гэтыя пагрозы насёньня ні ў якім разе не зьяўляецца такімі, каб унутры яе скансалідавалася хоць якая групоўка, якая сфармавала б новую палітычную альтэрнатыву (у тым ліку і персаналісцкую) дзеючаму рэжыму. Гэта тым больш немагчыма, бо адным з пунктаў кантракту, што дзейнічае паміж А. Лукашэнкам і вертыкальнай намэнклятурай, зьяўляецца асабісты дабрабыт і бясьпека ўзамен на поўную ляальнасьць (адданасьць) кіраўніку краіны. У выніку частка ўладнай эліты валодае сёньня надзвычай істотнымі фінансавымі рэсурсамі, захаваньне і легалізацыя якіх ужо даўно зьяўляецца рэальнай патрэбай. (Пра памеры назапашаных фінансавых рэсурсаў можна, напрыклад, меркаваць па тых сумах, якія афіцыйна фігуравалі ў справах Жураўковай і Рыбакова). Гэтая патрэба вымагае і надалей будзе вымагаць выбудовы пэўных (у тым ліку і карпаратыўных) мадэляў палітычных паводзінаў ня толькі зараз, але і на той выпадак, калі ўлада ў краіне зьменіцца.

Гэткім чынам, можна адназначна прагназаваць, што ўнутры кіроўнай эліты будзе ўзмацняцца актыўнасьць і барацьба на карысьць намэнклятурнай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці. І такая форма прыватызацыі будзе тым больш верагоднай, чым больш вострай будзе патрэба ў продажы дзяржаўнай маёмасьці з мэтай выканаць асноўныя пункты сацыяльнага кантракту з галоўнымі кантрактарамі рэжыму.

У больш агульным сэнсе можна таксама сказаць, што ўлада ўрэшце рэшт апынецца перад выклікам пошуку новых сацыяльных балянсаў і будзе вымушана інвеставаць больш сродкаў у падтрыманьне сацыяльнай і палітычнай стабільнасьці ў краіне. Дарэчы адзначыць, што добра вядомы артыкул лукашэнкаўскага ідэоляга акад. Рубанава можна праінтэрпратаваць зусім не як цемрашальскую эскападу супраць РПЦ, а як пошук новага балянсу з такой кантрактнай пралукашэнкаўскай групоўкай як пост-савецкая беларуская інтэлігенцыя. Гэткай жа па сваёй сутнасьці зьяўляецца і рэанімацыя «Саюза пісьменьнікаў» ў якасьці выключна прыўладнай структуры ды пазіцыянаваньне яе як сапраўднай пісьменьніцкай арганізацыі.

І ўсё ж эрозію сацыяльных кантрактаў наўрад ці ўдасца спыніць. А гэта будзе яшчэ больш актывізаваць спробы ідэалягічнай вертыкалі кансалідаваць беларускае грамадства на агульнанацыянальным узроўні. Афіцыйная ідэалёгія, дарэчы, ужо сёньня дастаткова пасьпяхова інкарпаравала ў сябе частку нацыяналістычнага/патрыятычнага дыскурсу апазіцыі і спрабуе манапалізаваць яго цалкам. Невыпадкова, напрыклад, тое, што галоўная задача, якая напачатку гэтага навучальнага года была пастаўлена перад дашкольнымі ўстановамі краіны, гучыць так: выхаваньне патрыятызму і нацыянальнай сьвядомасьці. Афіцыйная ідэалёгія, гэткім чынам, зусім не адкідвае магчымасьці выкарыстаньня агульнанацыянальнай кансалідацыі ў якасьці амартызацыйнага механізму будучых сацыяльных дысбалянсаў ды парушэньняў сацыяльнай стабільнасьці.

Перад тым як перайсьці да пазначанага вышэй пункту каштоўнаснай структуры беларускага грамадства варта, хаця б самым агульным чынам вызначыць часавыя рамкі ўзьнікненьня магчымых сур’ёзных дысбалянсаў у асноўных сацыяльных кантрактах. Трэба мець на ўвазе, што эрозія сацыяльных кантрактаў зусім не з’яўляецца лінейным працэсам. А ўлада будзе, безумоўна, імкнуцца яго спыніць, інвестуючы дзеля гэтага дадатковыя сродкі ў падтрыманьне сацыяльнай стабільнасьці. Асноўныя краніцы гэтых сродкаў – замежныя крэдыты і продаж дзяржаўнай маёмасьці (варыянт: здача яе Расеі, малаверагодны). Гэткім чынам, запас часу, які мае рэжым і ў які ён пры пэўным пагаршэньні агульнай сітуацыі можа захоўваць status quo, можна ацаніць прыкладна ў 2-3 гады. Больш рэалістычны прагноз вымагае ўліку шэрагу іншых фактараў, не адкідваючы пры гэтым і мажлівасьці рынкавых трансфармацый паводле кітайскага, напрыклад, сцэнару, як тое цьвердзіць В. Карбалевіч. Як бы там ні было, але зусім не выключана, што да 2011 года сітуацыя ў краіне можа зьмяніцца настолькі, што «вулічная дэмакратыя» можа стацца рэальным фактарам зьмены кіроўнай эліты на чарговых прэзідэнцкіх выбарах. А на тле паслабленьня дзеючых сацыяльных кантрактаў істотную мабілізацыйную ролю будуць адыгрываць новыя каштоўнасныя арыентацыі.

Цягам некалькіх наступных гадоў перафарматаваньне каштоўнаснай структуры грамадства, найверагодней, будзе адбывацца ў зьвязку з двума істотнымі працэсамі, а менавіта, – дафармаваньнем несавецкай беларускай нацыі ды пошукам новых геапалітычных арыентацый у асяродках як уладных так і апазіцыйных эліт з мэтай зьліквідаваньня геапалітычнага вакууму, які будзе ствараць дадатковыя напружаньні ў грамадстве. І калі азначаныя працэсы, сапраўды, не будуць нейкім чынам прыпыненыя, тады новая каштоўнасная структура будзе фармавацца не толькі вакол традыцыйных матэрыяльных каштоўнасьцяў, але і іншых, нематэрыяльных каштоўнасьцяў, і перадусім каштоўнасьці свабоды. Бо, як вядома, паўставаньне ўсіх мадэрновых эўрапейскіх нацый адбывалася не cтолькі пад патрыятычна-кансалідацыйнымі, колькі пад лёзунгамі свабоды, якая да таго ж сталася і адной з самых вызначальных падвалінаў сучаснай дэмакратыі.